Вёска Бабровічы ў Івацэвіцкім раёне знаходзіцца за Целяханамі. Гэта палескі край азёр, балот, тут і цяпер запаведныя мясціны. Якім жа чынам здарылася, што сто гадоў таму сюды пераехаў асветнік і святар Баляслаў Пачопка? Як гэты шматдзетны бацька знайшоў сродкі на будаўніцтва тут царквы? Гісторыя пра таямнічае прароцтва і трагедыю святара і яго вёсак.
Баляслаў Пачопка – асветнік
Баляслаў Пачопка да свайго святарскага служэння быў беларускім асветнікам, прапагандыстам беларускай мовы. У 1916-1918 гадах ён працаваў у Свіслацкай беларускай настаўніцкай семінарыі.

За гэты час ён падрыхтаваў і выдаў у 1918 годзе адну з першых “Граматыку беларускай мовы”. Па ёй у Свіслачы рыхтавалі настаўнікаў. Кніга была выдадзена на беларускай лацінцы – у тыя часы такое яшчэ было нярэдкім. І хаця мовазнаўцы крытыкавалі “Граматыку” Пачопкі за русізмы і паланізмы, трэба ўлічваць, што беларуская літаратурная мова толькі праходзіла сваё фарміраванне, і гэтая праца была гістарычнай у ліку першых.

Яшчэ да настаўніцкай семінарыі Баляслаў Пачопка працаваў у Віленскай каталіцкай штотыднёвай газеце “Bielarus”, пісаў артыкулы для газеты “Наша Ніва” і іншых. Падрыхтаваў некалькі каталіцкіх кніг на беларускай мове. Напрыклад, “Бог з намі: Беларускі малітэўнік” выйшла ў 1915 годзе.
Канешне ж, падчас сваёй выдавецкай дзейнасці Баляслаў Пачопка пазнаёміўся з многімі дзеячамі беларускай культуры. У 1915 годзе разам з пісьменніцай Алаізай Пашкевіч (Цётка) адкрыў у Вільні беларускую школу.
Вельмі важным будзе і знаёмства з княгіняй Магдаленай Радзівіл. Яна называла сваё паходжанне беларуска-літоўскім і была вельмі важным дзеячам беларускага руху ў тыя часы. Маючы грошы, яна не шкадавала ахвяраванняў на беларускае асветніцтва. Менавіта за яе грошы быў выдадзены адзіны зборнік вершаў “Вянок” Максіма Багдановіча. Не апошнюю ролю княгіня адыграе і ў жыцці Баляслава Пачопкі.

Асветнік стаў святаром
У міжваенны час у Заходняй Беларусі пакрыху пачала адраджацца Уніяцкая царква. Некалі, у 18 стагоддзі, тры чвэрці насельніцтва Беларусі былі уніятамі. Аднак пасля захопу беларускіх зямель Расійскай імперыяй у 1839 годзе Уніяцкая царква была скасаваная, а вернікаў перавялі ў праваслаўных.
Баляслаў Пачопка быў рэлігійным чалавекам, католікам, у 1905 годзе ён нават паступіў у Віленскую каталіцкую семінарыю, якую, аднак, не скончыў. Таму ён і выдаваў рэлігійную літаратуру, а не толькі граматыку. Ужо ў міжваенны час Баляслаў Пачопка з рыма-каталіцтва пераходзіць ва ўсходні абрад (грэка-каталіцтва, яно ж уніяцтва). Для гэтага ён нават атрымаў дазвол з Ватыкану. Пасля ён завочна скончыў духоўную семінарыю ў Львове і ў 1926 годзе там жа быў пасвечаны мітрапалітам Андрэем Шаптыцкім на грэка-каталіцкага святара.
На той час Баляславу было 42 гады, ён быў жанаты з Марцыянай і ў іх было пяцёра дзяцей. Нягледзячы на вялікую сям’ю, ён вырашыў пасвяціць сябе беларускай царкве. У 1926 годзе ён стаў грэка-каталіцкім святаром у Бабровічах і навакольных вёсках цяперашняга Івацэвіцкага раёну.
Царква ў Бабровічах
Вось тут дапамагло знаёмства і апека княгіні Магдалены Радзівіл. Яна падтрымлівала Пачопку яшчэ з пачатку стагоддзя, ад часоў яго навучання ў каталіцкай семінарыі. Калі Пачопка пасяліўся ў Бабровічах, яна ахвяравала яму грошы на будаўніцтва царквы. Пры дапамозе мясцовых сялян святар і пабудаваў у 1932 годзе тут драўляную царкву (на загалоўнай ілюстрацыі).

Ёсць сведчанні сучаснікаў, што да Баляслава Пачопкі тады пацягнуліся праваслаўныя сяляне з навакольных вёсак. Пачопка, маючы немалую сям’ю, і невялікі даход, дазваляў сабе браць з сялян вельмі малыя ахвяраванні, а то нават і не браць грошай за пэўныя абрады, калі ў селяніна іх не было. Тая ж кніягіня Магдалена Радзівіл называла гэта “геройскім учынкам”, але не ўхваляла такія метады пастарскай дзейнасці. Яна казала: “такога роду прапаганда мала абяцае: варта папам знізіць цэны – і будуць мець назад сваіх былых прыхажанаў”.
Падчас свайго служэння Пачопка не спыняў друкавацца ў беларускіх выданнях. Удзельнічаў ва ўніяцкіх канферэнцыях у Пінску у 1932 і 1933 гадах. Працягваў весці асветніцкую дзейнасць.
Беларуская дзейнасць Баляслава Пачопкі не заахвочвалася ў часы польскай улады, сведчаць, што супраць яго быў і пераслед. Аднак больш трагічныя падзеі адбыліся пазней, з прыходам савецкай улады.
Пераслед бальшавікоў
Савецкая улада з прыходам у Заходнюю Беларусь у 1939 годзе пачала пераследаваць рэлійныя арганізацыі. Зачыняліся цэрквы, многія святары былі сасланыя. Не абыйшоў уціск і Баляслава Пачопку. Супраць царквы разгарнулі кампанію бальшавікі. А самаго Пачопку збілі невядомыя ў 1940 годзе. У выніку ён злёг у бальніцу ў Целяханах. А 26 снежня там і памёр. Пахаваў яго мясцовы ксёндз на каталіцкіх могілках каля Целяханаў.
Брэсцкі краязнаўца Ігар Бараноўскі распавядаў, што пасля смерці Пачопкі, у 1941 годзе сюды прыззджаў іншы святар. Але маладыя камсамольцы выгналі яго з царквы, не даўшы асвяціць ваду на свята. І мясцовыя ўспаміналі, што ён тады быццам сказаў, што цяпер пралілася тут святая вада, а потым можа праліцца і кроў за такое святатацтва.
Трагедыя спаленых вёсак
Словы аказаліся прарочымі. У верасні 1942 году немцы праводзілі ў гэтых мясцінах карную аперацыю “Балотная ліхаманка”. Бабровічы, а таксама іншыя навакольныя вёскі (Вяда, Тупічыцы, Красніца) былі спалены разам з іх жыхарамі. Загінулі 1335 чалавек. Пасля вайны адрадзілася толькі вёска Бабровічы, частка жыхароў якой цудам уратавалася.

Успаміны адной з жанчын, якая уратавалася разам з дзецьмі – Барбары Адамаўны Слесарук – увайшлі ў дакументальную аповесць “Я з вогненай вёскі” Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Уладзіміра Калесніка.
“Чацвёра дзяцей, пятым была бярэменна. Запалілі часоў у пяць, пад вечар. Немец прыйшоў, выгнаў. Адзін мой хлопец пасвіў скаціну, а трое са мною. Мая хата была туды далей, дзе цяпер калгасны двор. Немец прыйшоў, выгнаў. Сабраліся мы ў хату, баб пятнаццаць. Немцы ідуць, абгледзелі. Бабы сядзяць, як бы оўцы, у хаце. Думалі: можа, толькі мужыкоў пабылы, а жанчын не будуць біць. Адна, Астапава маці, кажа: — Нас жывых запаляць. Не схацеў нас пабыты немец. Жывых папаліць. А я выйшла з хаты: — Уцякайма, жанчыны, уцякайма!..” – распавядала Барбара Слесарук.
Уніяцкая лінія не перапынілася
Сярод уратаваных былі і хрышчоныя Баляславам Пачопкам дзеці. Як, напрыклад, Алена Петруковіч, якая ў 2015 годзе прыгадвала аб тых падзеях прыехаўшым у Бабровічы сучасным уніятам.

Не захавалася да нашых дзён царква Баляслава Пачопкі ў Бабровічах. Яна была спаленая ці то падчас вайны, або, па некаторых дадзеных, пасля яе. У 2000-х гадах уніяты Берасцейшчыны пачалі ладзіць пілігрымкі ў гэтыя мясціны. Была знойдзена магіла Баляслава Пачопкі. Разбяр Мікола Колас выразаў з ліпы скульптуру, якую паставілі ў 2004 годзе на магіле святара.

Дарэчы, уніяцкая лінія ў гэтым краі не перапынілася. У Івацэвічах дзейнічае парафія грэка-каталіцкай царквы, вернікі якой рэгулярна наведваюць магілу Пачопкі і ладзілі пілігрымкі ў Бабровічы, запісвалі ўспаміны дзясяткаў сведкаў тых падзей. З Бабровіч паходзяць і продкі Андрэя Крата, сучаснага святара Беларускай грэка-каталіцкай царквы.
Чытайце таксама:
Шыбельная гара, помнік у Косаве, будынак Юндзілаў: мясціны, звязаныя з паўстаннем 1863 у Івацэвіцкім раёне