Магнаты, мецэнаты, патрыёты сваёй Радзімы – Вялікай Літвы – Пуслоўскія спрычыніліся да прамысловага прагрэсу, рэлігійнага і культурнага развіцця Гродзенскай губерні (сёння Брэсцкая і Гродзенская вобласці). Аб’екты, закладзеныя імі, і сёння працуюць на карысць роднага краю, а прозвішча Пуслоўскіх з удзячнасцю ўзгадваецца ў розных музеях і культурных установах Беларусі.
Войцэх Пуслоўскі – шляхціч і землеўладальнік
Пуслоўскія гербу Шэліга – старажытны беларускі шляхецкі род, вядомы на Слонімшчыне з XV ст. З паловы XVII ст. яны мелі сваё радавое гняздо ў Песках (сёння Бярозаўскі раён) і на працягу трох пакаленняў займалі пасады падстоліх рэчыцкіх. Самы вядомы прадстаўнік роду, з якога і пачалося вялікія багацці і вядомасць – Войцэх, які нарадзіўся ў Песках у 1762 годзе.
Войцэх Пуслоўскі – дэпутат Чатырохгадовага Сейма Рэчы Паспалитай, маршалак шляхты Слонімскага павета, гаспадарчы дзеяч. Перад Чатырохгадовым Сеймам ён быў слонімскім дэпутатам у Літоўскім Трыбунале. Пасля падзелу Рэчы Паспалітай – правадзейным стацкім саветнікам.

Наймацней прозвішча Пуслоўскіх заззяла тады, калі ў канцы XVIII – пачатку XIX стагоддзя ўзышла прадпрымальніцкая зорка Войцэха. Ён быў буйным землеўладальнікам, трымаў у арэндзе Слонімскую эканомію, і праз яго рукі праходзілі розныя маёнткі. Трымаў таксама коней на паштовых станцыях Гродзенскай і Віленскай губерній. Лічыцца, што пачаткам буйнай прадпрымальніцкай дзейнасці сталі пастаўкі збожжа і валоў для расійскай арміі ў часы вайны з Францыяй.
Піянер капіталізма
На пачатку XIX ст. Войцэх Пуслоўскі актыўна заняўся прадпрымальніцкай дзейнасцю і быў адным з першых, хто прынёс тэхнічны прагрэс у наш рэгіён. Сапраўды, у ягонай многабаковай гаспадарчай дзейнасці былі і арыгінальныя, і наватарскія напрамкі.
Яшчэ да вайны 1812 г. ён увайшоў у будаўнічы бізнэс, меў ля Вільні уласныя цагельню і драўняныя склады і праводзіў работы па будаўніцтву і перабудове гмахаў Віленскага Ўніверсітэта. На патрэбы універсітэта заснаваў у Кучкурышках пад Вільняй папяровую фабрыку.

У памяці сучаснікаў Войцэх Пуслоўскі застаўся галоўным чынам як піянер прамысловасці на Літве, які ў сваіх уладаннях будаваў дарогі, для патрэб сукнаробства наладзіў у вялікім маштабе развядзенне пародзістых авечак мерыносаў, закладваў сукенныя, папяровыя фабрыкі, валодаў млынамі, вінакурнямі, броварамі і смалярнямі, ва ўладаннях Пуслоўскага была наладжана вытворчасць шкіпінару (Міхалін). Войцэх асабістым прыкладам адыграў важную ролю ў пераадоленні шляхецкіх прымхаў у адносінах да заняткаў гандлем і прамысловасцю.
Значную вядомасць набыла яго суконная мануфактура ў Хомску (цяпер Драгічынскі раён), дзе рэвалюцыйна для тагачаснай індустрыі ён запусціў паравы рухавік. А каб канчатковы прадукт адпавядаў тэхналогіям, прадпрымальнік дамогся эксклюзіўнага імпарту з Іспаніі авечак-мерыносаў. Яго найзначнейшая ў Літве сукенная рукадзельня давала працу болей чым тром сотням маладых сялян і сялянак і вырабляла да 1500 скруткаў тканіны ў год. Пры жыцці Пуслоўскага быў заснаваны славуты прамысловы комплекс «Альбярцін», у склад якога ўваходзілі суконная і папяровая фабрыкі, чыгуналіцейны завод. Слонімскі папярова-кардонны завод дагэтуль называецца «Альбярцін».

Пасля смерці Войцэха Пуслоўскага жалобныя набажэнствы адбыліся нават у сінагогах, і ў яго пахаванні значны ўдзел таксама бралі яўрэі, сярод якіх, без сумніву, было шмат яго дзелавых партнёраў.
Войцэх Пуслоўскі быў вядомым мецэнатам. Напрыклад, ён напісаў завяшчанне аб вызваленні ад павіннасці дамовай службы, згодна якому сялянам даравалася болей мільёна даўгоў, запісвалася на кожную гаспадарку 20 злотых.
Падкрэсліваў адметнасць кунтушамі
Відавочна, маючы продкаў – шляхцічаў ВКЛ – і Войцэх, і ягоныя нашчадкі, заставаліся патрыётамі Айчыны. Іншая справа, каб жыць пад расійскай акупацыяй і займацца бізнэсам, трэба было праяўляць лаяльнасць да новай ўлады. Між тым Войцэх дазваляў сабе дапусцімыя “вольнасці” і падкрэсліваў сваю ідэнтычнасць, адрозную ад расійскай, найперш знешнім выглядам. Ён усё жыццё апранаўся толькі ў кунтушы і іншую традыцыйную шляхецкую вопратку. Ігнараваў тагачасную моду Расійскай імперыі і паводзіў сябе эпатажна, напрыклад, заяўляўся ў сваім кунтушы нават на дварцовыя балі ў Пецярбургу, у гэтым жа строі прымаў цара Аляксандра I на сваёй паштовай станцыі ў Міхаліне.

У 1821 г. Пуслоўскі выдаваў замуж сваю дачку Генавефу за Рудольфа Тызенгаўза і зладзіў у Песках вяселле – адно з буйнейшых на Літве. Як адзначаюць сведкі, на вяселле Пуслоўскі справіў сабе амаль столькі шаўковых кунтушоў, колькі дачка плаццяў. Таму на копіі партрэта ў косаўскім палацы ён і намаляваны ў шляхецкім вялікалітоўскім кунтушы – так, як выглядаў у жыцці.
Яшчэ адзін паказчык таго, што Войцэх не атаясамляў сябе з расійшчынай – мова. Сучаснікі ўспамінаюць, што Войцэх не валодаў расейскай мовай, і не вывучыў яе нават да канца жыцця. А ў сталым веку яшчэ займеў праблемы з-за сына Цітуса – кіраўніка паўстання 1831 г. у Пінскім павеце. Гродзенскі губернатар М. Мураўёў нават устанавіў за Войцэхам Пуслоўскім паліцэйскі нагляд, падазраючы бацьку і яго другога сына – Уладзіслава – таксама ва ўдзеле ў паўстанні. Наўрад ці мы калі даведаемся аб іх ролі ў супраціве, але, напэўна, і Войцэху, і Уладзіславу удалося пераканаць расійскія ўлады ў сваёй невінаватасці. У адрозненне ад Цітуса, які адкрыта і актыўна ўключыўся ў збройную барацьбу за аднаўленне Вялікага княства Літоўскага.
Начальнік паўстання Пінскага павета
Адам Цітус Пуслоўскі (1803 – 1854 гг.) нарадзіўся ў радавым маёнтку ў Песках (цяпер Бярозаўскі раён). Служыў у Александрыйскім палку гусараў расійскай арміі, у званні карнета пайшоў у адстаўку. Пасяліўся ў пакінутым яму бацькам уладанні Плянта ў Пінскім павеце. Зімой наведваўся ў Вільню, дружыў з паэтам Антонам Гарэцкім і арганізоўваў на сваёй віленскай кватэры літаратурныя сустрэчы з удзелам іншых паэтаў.
Падчас лістападавага паўстання Цітус сабраў уласны атрад, які складаўся са шляхты, у большасці дробнай, слуг і сялян. У канцы ліпеня 1831 г. даў у сваёй Плянце безнадзейны і самотны бой. Затым Цітус пачаў павялічваць свой атрад, да якога таксама далучылася 20 рабочых з належачай яго бацьку сукеннай фабрыкі ў Хомску. Урэшце атрад налічваў 1000 узброеных людзей і кантраляваў значныя тэрыторыі ў Пінскім павеце.

Супраць Пуслоўскага выступіў палкоўнік Ілінскі, камендант кобрынскага аддзелу расійскай конніцы. Пуслоўскі, пазбягаючы сустрэчы з перавышаючымі сіламі непрыяцеля, пераправіўся на паўднёвы бераг Піны. Палкоўнік Ілінскі, аднак, атрымаўшы падмогу з Пінска, таксама пераправіўся праз раку і 8 жніўня ў сутычцы пад Кончыцамі вымусіў Пуслоўскага павярнуць на поўдзень у кірунку Прыпяці. Наступная сустрэча паўстанцаў з пераважаючымі сіламі Ілінскага адбылася пад Нэвелем над Прыпяццю. Пасля ўпартай і крывавай бітвы аддзел Пуслоўскага пацярпеў паразу; паранены Цітус з групай таварышаў адарваўся ад пагоні і падаўся на Валынь. Перабраўся потым ва Ўсходнюю Прусію, а летам 1832 г. – у Парыж. Цітуса Пуслоўскага расійскія ўлады прылічылі да першай катэгорыі злачынцаў, вярнуцца на радзіму не было ніводнага шанца. Памёр Цітус у 1854 г. у Парыжы і пахаваны на могілках Пер Лашэз.
Шэдэўры архітэктуры, якія пакінулі нам Пуслоўскія
Пуслоўскія былі шчодрымі мецэнатамі: на сродкі Войцэха і яго нашчадкаў было пабудавана і адноўлена каля 60 храмаў і капліц розных канфесій. Але найболей вядомы – палац у Косаве у стылі англійскай неааготыкі з элементамі класіцызма, з 12 вежамі – па ліку месяцаў. Пачаў будаваць яго ў 1838 годзе сын Войцэха – Вандалін – па праекту варшаўскага архітэктара Францішка Яшчалда. Кожны з раскошных залаў палаца меў сваё прызначэнне: у Белым ладзілі балі, у Чорным гулялі ў карты, у Ружовым слухалі музыку, над вялізным акварыюмам з рыбамі была шкляная падлога, па якой хадзілі; а яшчэ бібліятэка, карцінная галерэя… Сёння палац адноўлены і працуе як музей.

Непадалёку палаца знаходзіўся закінуты дом нацыянальнага героя Тадэвуша Касцюшкі, і Вандалін, як сапраўдны шляхціч і патрыёт, аднавіў гэты дом, у якім адкрыўся музей.

Сядзіба «Альбярцін» у Слоніме – архітэктурны комплекс у стылі позняга класіцызму, захаваўся там і парк. Першапачаткова комплекс складаўся з трох палацаў: зімовага, святочнага і летняга; а таксама гаспадарчых пабудоў. Зімовы палац захаваўся да нашых дзён і практычна не змяніўся. Сёння яго займае спартыўны клуб папяровай фабрыкі. Святочны палац са скульптурамі ільвоў на ганку, у якім Пуслоўскія ладзілі прыёмы і балі, таксама добра захаваўся. У ім знаходзіцца Дом культуры, моладзевы цэнтр і гарадская бібліятэка. Летні палац не захаваўся, аднак 20 год таму на яго месцы быў пабудаваны моладзевы цэнтр з гатэлем, які знешне выглядае як страчаны палац.

Радавое гняздо Пуслоўскіх у аграгарадку Пескі. Маёнтак знаходзіцца ў дрэнным стане і не рэстаўруецца. Між тым калісьці Пуслоўскія захоўвалі ў ім калекцыю еўрапейскага мастацтва, быў пры маёнтку і свой аркестр. Увагу турыстаў прыцягвае паўночная неагатычная брама сярэдзіны XIX стагоддзя. Заходняя брама выглядае не так эфектна і таксама патрабуе рэстаўрацыі. Паблізу Песак, у вёсцы Альшэва знаходзіўся касцёл, уфундаваны Войцэхам, у сутарэннях якога быў фамільны склеп з трунамі. Пасля Другой святовай вайны касцёл быў узарваны бальшавікамі.

Троіцкі неагатычны касцёл у Косаве, пабудаваны на сродкі Войцэха Пуслоўскага, і сёння дзейны, і знаходзіцца ў добрым стане. У папярэднім драўляным касцёле у 1746 годзе хрысцілі Тадэвуша Касцюшку.

Царква Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў Гарадзечне (сёння Пружанскі раён) ўзведзеная ў 1825 годзе на сродкі Войцэха Пуслоўскага – у памяць аб бітве паміж расійскім і французскімі арміямі. Першапачаткова была ўніяцкай, сёння праваслаўная.

Адзначым, што апошнія прадстаўнікі роду Пуслоўскіх памёрлі ў Англіі на пачатку ХХІ стагоддзя. Яны да канца жыцця цікавіліся ацалелай спадчынай свайго роду ў Косава, Альберціне і Песках.