Баі паміж паўстанцамі ў 1863 годзе адбываліся і на тэрыторыі цяперашняга Івацэвіцкага раёна. Вядомы бой пад Косава. Ёсць звесткі, што каля вёскі Сярадава паўстанцы злавілі ў засаду дзве роты царскіх войскаў. Вядома пісьмо праваслаўнага святара з вёскі Любішчыцы Лук’яна Гамаліцкага ад 17 мая 1863 года пра тое, што ў вёску прыязжалі паўстанцы і зачытвалі каля царквы паўстанцкі маніфест переад жыхарамі.
У той час Любішчыцы былі буйнейшай вёскай Гродзенскай губерні. А 26 красавіка 1863 года паўстанцы напалі на паштовую станцыю Заполле (цяпер Няхачава). А што цяпер напамінае ў Івацэвіцкім раёне пра тыя падзеі?
Маёнтак Юндзілаў
На тэрыторыі Івацэвіцкай ЦРБ знаходзіцца, пэўна, самы стары будынак у горадзе – гэта сядзіба роду Юндзілаў 18 стагоддзя. І прадстаўнікі гэтага роду прымалі ўдзел у паўстанні. Сярод іх асабліва вядомы Францішак Юндзіл. Ён нарадзіўся ў 1825 годзе ў Югаліне Слонімскага павету (цяпер вёска ў Івацэвіцкім раёне).

Служыў у расійскай кавалерыі, а за пяць гадоў да паўстання вярнуўся на радзіму. Быў у падпольнай арганізацыі на чале з Каліноўскім. Францішку і было даручана рыхтаваць паўстанне ў Слонімскім павеце. Юндзіл ахвяраваў на гэта сваіх 3000 рублёў. Гэта былі вялікія грошы на той час. Сярэдні заробак рабочага па Расіі ў той час складаў 37,5 рублёў.

Ад кіраўніцтва паўстанннем Францішак меў званне падпалкоўніка. Ён стварыў атрад, у якім было каля 300 касінераў і дзейнічаў у раёне Дабромысля і Югаліна. 3 чэрвеня 1863 года яго атрад разам з іншымі прымаў удзел у бітве з расійскімі войскамі пад Мілавідамі. Таксама быў бой пад Косавам.

Пасля паражэння паўстання Францішак Юндзіл выехаў у Францыю, аднак жыў ужо нядоўга. Памёр ад туберкулёзу ў 1865 годзе.
А будынак Юндзілаў у Івацэвічах ужо ў 21 стагоддзі быў абвешчаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю і з’яўляецца напамінам у тым ліку і пра падзеі 1863 года.
Помнік у Косаве
А напамінам пра бой каля Косава сведчыць помнік на каталіцкіх могілках, які знаходзіцца на магіле паўстанцаў (загалоўнае фота). Яго паставілі ў 1927 годзе, пры польскай уладзе. Цудам ён перажыў часы савецкай улады. Кажуць, яго проста павалілі, і толькі праз многі гады паставілі ізноў.

Помнік знаходзіцца ў канцы могілак пры пад’ездзе да Косава з боку Івацэвіч. Там пахаваныя тры паўстанцы. Прозвішча аднаго з іх невядомае, а двое падпісаныя – Красінскі і Лукашэвіч. Цікава, што апошняе прозвішча было ў аднаго з мясцовых кіраўнікоў паўстання. Атрад Ісідора Лукашэвіча быў сфарміраваны ў Мілавідах, ён далучыўся да атрада Францішка Юндзіла і прымаў удзел у Мілавідскай бітве.
Ці магчыма, што на могілках у Косаве пахаваны той самы Ісідор Лукашэвіч? Можа і так, але яшчэ адзін чалавек з такім імем пахаваны 1 лютага 1884 года ў Іркуцку ва ўзросце 46 год на Іерусалімскіх могілках. Вядома ж, што пасля паражэння паўстання тысячы яго ўдзельнікаў былі сасланыя ў Сібір.
Шыбельная гара
Такую назву носіць адно з найбольш высокіх месцаў у Івацэвічах. Тут знаходзіцца водазабор. Але сваю назву пагорак атрымаў ад слова шыбеніца (виселица). Вядома, што тут падчас паўстання пакаралі смерцю павешаннем 20 паўстанцаў.

Віленскі генер-губернатар Міхаіл Мураўёў, пры якім было падаўлена паўстанне, забараняў нават любыя праявы жалобы па загінулых паўстанцах. Але народная жалоба праявілася на Шыбельнай гары. Тут раслі сосны, і людзі пачалі прымацоўваць да іх іконкі ў памяць пра паўстанцаў, якіх тут забілі.
Як распавядаў краязнаўца з Івацэвіцкага раёну Алесь Зайка, абразы тут употайкі вешалі сотнямі, і яны былі бачныя яшчэ дзесяцігоддзямі. Ужо ў 2000-х на Шыбельнай гары быў пастаўлены і асвячаны драўляны крыж.

Удзельнікі-землякі
Часта гэтае паўстанне называлі шляхецкім, хоць гэта не зусім так. Сярод касінераў было шмат і сялянаў. Напрыклад, івацэвіцкі краязнавец Алесь Зайка знайшоў у Гродзенскім архіве дакумент, у якім пералічаныя людзі, якія “адлучыліся з месц свайго жыхарства ў І стане Слонімскага павета” (фонд 1624, вопіс 2, справа 20. Пачата 9 верасня 1863 г.).
Іх арыштоўвалі і адпраўлялі ў турму ў Слоніме. Цікава, што ў гэтым спісе вельмі шмат прозвішчаў карэнных для Івацэвіцкага раёна: Паўшко, Сяргейчык, Глушэня і іншых.
- Ігнат Лукоўскі, часоваабавязаны селянін Косаўскай воласці. 22 красавіка 1863 г. пакінуў Гуту (там знаходзіліся шклозавод і смалакурня памешчыка Пуслоўскага. Цяпер гэта месца ў Гута-Міхалінскай пушчы). Вярнуўся 6 верасня 1863 года і адпраўлены ў Слонім.
- Андрэй Рудзьман, адстаўны салдат. 19 лютага 1863 г. пакінуў маёнтак Пескі. Затрыманы і адпраўлены ў Кобрын.
- Мікалай Рудзьман, часоваабавязаны селянін з Песак. Адлучыўся 19 лютага 1863 г. з м. Пескі. Затрыманы і адпраўлены ў Кобрын.
- Міхаіл Паўшко, часоваабавязаны селянін Косаўскай воласці. Пакінуў Гуту 22 красавіка 1863 г.
- Адам Кавалеўскі, жыхар Царства Польскага. Пакінуў Гуту 22 красавіка. Вярнуўся 6 верасня 1863 г. і адпраўлены ў Слонім.
- Іван Мураўскі, жыхар Царства Польскага. Пакінуў Гуту 22 красавіка. Вярнуўся 6 верасня 1863 г. і адпраўлены ў Слонім.
- Восіп Сяргейчык, селянін Косаўскай воласці. 22 красавіка пакінуў Гуту. Вярнуўся 10 верасня 1863 г., адпраўлены ў Слонім.
- Міхал Барцінскі, жыхар Царства Польскага. 22 красавіка пакінуў Гуту. Вярнуўся 6 верасня 1863 г. і адпраўлены ў Слонім.
- Ксаверы Карпінскі, вольны чалавек. 10 мая пакінуў Аўсто. Вярнуўся 6 верасня 1863 г., адпраўлены ў Слонім.
- Казімір Ярошчык, селянін Косаўскай воласці. Пакінуў Косава 22 красавіка 1863 г.
- Уладзіслаў Главацкі, шляхціц. Пакінуў Косава 10 мая 1863 г.
- Аляксандр Гжацкі, селянін Кастровіцкай воласці. 16 мая пакінуў паштовую станцыю Заполле (цяпер Няхачава). Вярнуўся 6 верасня 1863 г., адпраўлены ў Слонім.
- Сцяпан Хоміч, селянін Дабромысленскай воласці. 16 мая пакінуў паштовую станцыю Заполле. Вярнуўся 4 верасня 1863 г., адпраўлены ў Слонім.
- Аляксандр Еранчыкаў, вольны чалавек. 16 мая пакінуў паштовую станцыю Заполле. Вярнуўся 4 жніўня 1863 г.
- Валерый Захаржэўскі, вольны чалавек. Пакінуў маёнтак Марачоўшчына 19 мая 1863 г.
- Адам Герман, казённы селянін Жыровіцкай воласці. Пакінуў Гошчава 19 мая 1863 г.
- Адольф Вольскі, шляхціц. 29 мая 1863 г. пакінуў ферму Булу.
- Антон Глушэня, селянін Івацэвіцкай воласці. Пакінуў в. Руду 7 чэрвеня 1863 г.
- Адольф Малахоўскі, вольны чалавек. 29 мая 1863 г. пакінуў маёнтак Харошчу.
- Андрэй Бялевіч, казённы селянін з Пружанскага павета. 29 чэрвеня 1863 года пакінуў вёску Совін.
- Сігізмунд Мушынскі, вучань Пінскай гімназіі. 8 жніўня 1863 г. пакінуў маёнтак Некрасаўшчыну.
- Павел Хоміч, селянін Дабромысленскай воласці. Пакінуў в. Дабромысль 25 красавіка 1863 г.
Можа гэта былі продкі людзей, якія цяпер жывуць у Івацэвічах?
Чытайце яшчэ:
Дом пополам и загадка Химии на кладбище: что посмотреть в Коссово кроме дворца
Что посмотреть в Ивацевичах: достопримечательности и связь с океанами