За апошнія гады стаўленне палякаў да беларусаў прыкметна змянілася. Яшчэ паўтара дзясятка гадоў таму пра ўсходняга суседа ў Польшчы ведалі няшмат, а Беларусь асацыявалася найперш з аўтарытарным кіраваннем Аляксандра Лукашэнкі. Сёння гэтая карціна значна больш складаная.

Читайте "Першы" в:

На змену грамадскага стаўлення найбольш паўплывалі падзеі 2020 года. Пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў тысячы беларусаў выйшлі на вуліцы і запатрабавалі дэмакратычных перамен. Пазней яны сталі ахвярамі жорсткіх рэпрэсій.

На думку доктаркі Катажыны Дрозд-Урбаньскай, якая выконвае абавязкі загадчыцы кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта, менавіта гэты момант стаў пераломным для ўспрымання беларусаў у Польшчы.

«Так, апошнім часам стаўленне палякаў да беларусаў змянілася. На гэта паўплывалі падзеі 2020 года, а таксама 2022 год і вайна ва Украіне. Найперш палякі аддзяляюць рэжым Лукашэнкі ад звычайных грамадзян. Уладу яны ўспрымаюць адназначна негатыўна, а грамадзян хутчэй станоўча», кажа экспертка.

Стаўленне да беларусаў застаецца неадназначным

Масавыя пратэсты пасля прэзідэнцкіх выбараў і кадры жорсткіх дзеянняў беларускіх сілавікоў мелі шырокі розгалас і ў Польшчы. Многія палякі ўпершыню ўбачылі беларусаў не праз прызму дзяржавы, а як грамадства, якое змагаецца за свабоду і асноўныя грамадзянскія правы.

«Пераломным момантам у польска-беларускіх адносінах сталі падзеі 2020 года і рэпрэсіі пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў, якія прывялі да масавай эміграцыі беларусаў. Тады палякі спачувалі сваім суседзям, якія цярпелі ад жорсткіх дзеянняў рэжыму Лукашэнкі супраць нязгодных з вынікамі выбараў», падкрэслівае доктарка Дрозд-Урбаньска.

Наступнай падзеяй, якая паўплывала на ўзаемнае ўспрыманне, стала расійская агрэсія супраць Украіны. Беларускія ўлады далі расійскім войскам магчымасць выкарыстоўваць тэрыторыю краіны, што выклікала трывогу і ў Польшчы. Аднак, як адзначае экспертка, большасць палякаў не ўскладае адказнасці за рашэнні ўлады на ўвесь беларускі народ.

Варшаўскі ўніверсітэт
Варшаўскі ўніверсітэт Kamyq/pixabay.com/CCO

Палякі адрозніваюць грамадства і ўладу

«Яшчэ адной пераломнай падзеяй стала тое, што тэрыторыю Беларусі далі выкарыстоўваць для нападаў на Украіну. Сваю ролю адыгралі і заявы Лукашэнкі пра магчымую падтрымку Расіі ў вайне. Тады грамадства пачалі выразна аддзяляць ад улады», адзначае яна.

Такое размежаванне мае вялікае значэнне і ў штодзённых адносінах. У апошнія гады ў Польшчу прыехалі дзясяткі тысяч беларусаў: адны ўцякалі ад рэпрэсій, іншыя шукалі бяспечнае месца для жыцця і працы. Многія хутка знайшлі сябе на польскім рынку працы і сталі часткай мясцовых супольнасцяў.

Экспертка падкрэслівае, што збліжэнню спрыяе і культурная блізкасць двух народаў.

«Палякі ўспрымаюць беларусаў як культурна блізкіх людзей, таму ў пэўным сэнсе лічаць іх ідэальнымі імігрантамі. Важна і тое, што гістарычныя падзеі выклікаюць у палякаў спачуванне і дазваляюць убачыць у беларусах ахвяр гісторыі. Гэта збліжае абодва народы», кажа доктарка Катажына Дрозд-Урбаньска.

Гэта, вядома, не азначае, што ў польскім грамадстве зусім няма асцярог і стэрэатыпаў. У публічных дыскусіях па-ранейшаму гучаць пытанні бяспекі і адносін Беларусі з Расіяй. Аднак, паводле эксперткі, галоўная тэндэнцыя такая: палякі аддзяляюць палітыку рэжыму Лукашэнкі ад пазіцыі звычайных грамадзян. Таму многія з іх заяўляюць пра салідарнасць з беларусамі і адначасова рашуча крытыкуюць дзеянні ўладаў у Мінску.

А таксама мы пісалі: Беларуская культура ў Польшчы

Чытайце таксама: Праблемы, з якімі сутыкаюцца беларусы пасля пераезду ў Польшчу