
Крыж на магіле паўстанцаў у Косаве
Баі паміж паўстанцамі ў 1863 годзе адбываліся і на тэрыторыі цяперашняга Івацэвіцкага раёна. Вядомы бой пад Косава. Ёсць звесткі, што каля вёскі Сярадава паўстанцы злавілі ў засаду дзве роты царскіх войскаў. Вядома пісьмо праваслаўнага святара з вёскі Любішчыцы Лук’яна Гамаліцкага ад 17 мая 1863 года пра тое, што ў вёску прыязжалі паўстанцы і зачытвалі каля царквы паўстанцкі маніфест переад жыхарамі.
У той час Любішчыцы былі буйнейшай вёскай Гродзенскай губерні. А 26 красавіка 1863 года паўстанцы напалі на паштовую станцыю Заполле (цяпер Няхачава). А што цяпер напамінае ў Івацэвіцкім раёне пра тыя падзеі?
На тэрыторыі Івацэвіцкай ЦРБ знаходзіцца, пэўна, самы стары будынак у горадзе – гэта сядзіба роду Юндзілаў 18 стагоддзя. І прадстаўнікі гэтага роду прымалі ўдзел у паўстанні. Сярод іх асабліва вядомы Францішак Юндзіл. Ён нарадзіўся ў 1825 годзе ў Югаліне Слонімскага павету (цяпер вёска ў Івацэвіцкім раёне).
Служыў у расійскай кавалерыі, а за пяць гадоў да паўстання вярнуўся на радзіму. Быў у падпольнай арганізацыі на чале з Каліноўскім. Францішку і было даручана рыхтаваць паўстанне ў Слонімскім павеце. Юндзіл ахвяраваў на гэта сваіх 3000 рублёў. Гэта былі вялікія грошы на той час. Сярэдні заробак рабочага па Расіі ў той час складаў 37,5 рублёў.
Ад кіраўніцтва паўстанннем Францішак меў званне падпалкоўніка. Ён стварыў атрад, у якім было каля 300 касінераў і дзейнічаў у раёне Дабромысля і Югаліна. 3 чэрвеня 1863 года яго атрад разам з іншымі прымаў удзел у бітве з расійскімі войскамі пад Мілавідамі. Таксама быў бой пад Косавам.
Пасля паражэння паўстання Францішак Юндзіл выехаў у Францыю, аднак жыў ужо нядоўга. Памёр ад туберкулёзу ў 1865 годзе.
А будынак Юндзілаў у Івацэвічах ужо ў 21 стагоддзі быў абвешчаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю і з’яўляецца напамінам у тым ліку і пра падзеі 1863 года.
А напамінам пра бой каля Косава сведчыць помнік на каталіцкіх могілках, які знаходзіцца на магіле паўстанцаў (загалоўнае фота). Яго паставілі ў 1927 годзе, пры польскай уладзе. Цудам ён перажыў часы савецкай улады. Кажуць, яго проста павалілі, і толькі праз многі гады паставілі ізноў.
Помнік знаходзіцца ў канцы могілак пры пад’ездзе да Косава з боку Івацэвіч. Там пахаваныя тры паўстанцы. Прозвішча аднаго з іх невядомае, а двое падпісаныя – Красінскі і Лукашэвіч. Цікава, што апошняе прозвішча было ў аднаго з мясцовых кіраўнікоў паўстання. Атрад Ісідора Лукашэвіча быў сфарміраваны ў Мілавідах, ён далучыўся да атрада Францішка Юндзіла і прымаў удзел у Мілавідскай бітве.
Ці магчыма, што на могілках у Косаве пахаваны той самы Ісідор Лукашэвіч? Можа і так, але яшчэ адзін чалавек з такім імем пахаваны 1 лютага 1884 года ў Іркуцку ва ўзросце 46 год на Іерусалімскіх могілках. Вядома ж, што пасля паражэння паўстання тысячы яго ўдзельнікаў былі сасланыя ў Сібір.
Такую назву носіць адно з найбольш высокіх месцаў у Івацэвічах. Тут знаходзіцца водазабор. Але сваю назву пагорак атрымаў ад слова шыбеніца (виселица). Вядома, што тут падчас паўстання пакаралі смерцю павешаннем 20 паўстанцаў.
Віленскі генер-губернатар Міхаіл Мураўёў, пры якім было падаўлена паўстанне, забараняў нават любыя праявы жалобы па загінулых паўстанцах. Але народная жалоба праявілася на Шыбельнай гары. Тут раслі сосны, і людзі пачалі прымацоўваць да іх іконкі ў памяць пра паўстанцаў, якіх тут забілі.
Як распавядаў краязнаўца з Івацэвіцкага раёну Алесь Зайка, абразы тут употайкі вешалі сотнямі, і яны былі бачныя яшчэ дзесяцігоддзямі. Ужо ў 2000-х на Шыбельнай гары быў пастаўлены і асвячаны драўляны крыж.
Часта гэтае паўстанне называлі шляхецкім, хоць гэта не зусім так. Сярод касінераў было шмат і сялянаў. Напрыклад, івацэвіцкі краязнавец Алесь Зайка знайшоў у Гродзенскім архіве дакумент, у якім пералічаныя людзі, якія “адлучыліся з месц свайго жыхарства ў І стане Слонімскага павета” (фонд 1624, вопіс 2, справа 20. Пачата 9 верасня 1863 г.).
Іх арыштоўвалі і адпраўлялі ў турму ў Слоніме. Цікава, што ў гэтым спісе вельмі шмат прозвішчаў карэнных для Івацэвіцкага раёна: Паўшко, Сяргейчык, Глушэня і іншых.
Можа гэта былі продкі людзей, якія цяпер жывуць у Івацэвічах?
Где жила Рапунцель? Как сфоткаться у памятника Бременским музыкантам? Отправляемся в путь по Немецкой дороге… Read More
В Беларуси в один день произошло событие, которого ждали уже давно. Решение принималось за закрытыми… Read More
Хотя в основе Рождества в Беларуси и Европе лежит одно событие, на практике это два… Read More
В Вашингтоне всё чаще признают, что переговоры топчутся на месте. В Белом доме дают понять:… Read More
Пятница для северо-восточных районов страны обещает быть напряжённой. Синоптики предупреждают об ухудшении погоды, которое начнётся… Read More
В Беларуси обсуждают проект указа, который может заметно поменять привычную рыбалку. Авторы предлагают пересмотреть часть… Read More