Пад час наведвання Косаўскага палацу абавязковым пунктам у праграме стаіць дом Касцюшкі ва ўрочышчы Марачоўшчына. Не такі пампезны і велічны, як палац, але па сэнсе і значэнні для беларусаў бадай пераўзыходзіць яго. У гэтым доме прайшло дзяцінства нацыянальнага героя Беларусі, ЗША, Літвы і Польшчы – Тадэвуша Касцюшкі.

Читайте "Першы" в:

Тадэвуш Касцюшка – ваенны дзеяч Рэчы Паспалітай, браў удзел у абарончай вайне супраць Расіі у 1792 годзе. За гэтую кампанію быў узнагароджаны ордэнам “Віртуці Мілітары” і атрымаў званне генерал-лейтэнанта. На працягу 1793 года генерал актыўна займаўся падрыхтоўкай будучага выступлення супраць акупацыі Радзімы. Ён наведаў Парыж, дзе беспаспяхова шукаў падтрымку з боку французскага рэвалюцыйнага ўрада, ездзіў у Італію, сустракаўся са сваімі прыхільнікамі, пасля некаторых ваганняў даў згоду ўзначаліць паўстанне. У 1794 г. Тадэвуш Касцюшка з’яўляўся неабмежаваным кіраўніком (Найвышэйшым Начальнікам) узброеных сіл Рэчы Паспалітай, якія вялі барацьбу супраць інтэрвенцыі Расіі, Прусіі і Аўстрыі.

Тадэвуш Касцюшка
Тадэвуш Касцюшка. Партрэт Карла Готліба Швайкарта, каля 1802 г.

Узгадаем, кiм па нацыянальнасцi лiчыў сябе сам Касцюшка, i паглядзім, якая памяць засталася на Берасцейшчыне пра кіраўніка паўстання.

Нарадзіўся ліцвінам

Сам Найвышэйшы Начальнік заўсёды ўсведамляў сябе ліцвінам, па сённяшняму – беларусам. Ён быў грамадзянінам Вялікага княства Літоўскага – гістарычнай Літвы-Беларусі. 7 лютага 1790 года ў сваім знакамітым звароце на імя ваяводы Ю. Несялоўскага Т. Касцюшка настойліва і эмацыйна прасіў перавесці яго з польскай арміі ў войска Вялікага княства Літоўскага: “Хіба вы адмаўляецеся ад мяне і лічыце няздольным служыць Вам? Кім жа я ёсць? Хіба я не ліцвін, Ваш зямляк, Вамі абраны? Каму павінен дзякаваць, калі не Вам? Каго павінен абараняць, калі не Вас і сябе самога? Калі гэтага звароту будзе для Вас недастаткова, каб унясці на сойм прапанову пра маё вяртанне, то я, бачыць Бог, буду вымушаны што-небудзь кепскае сабе ўчыніць!”.

Сядзіба Касцюшкі
Від на сядзібу Касцюшкі ў Марачоўшчыне, каля Косава

Нават у самыя крытычныя моманты паўстання Т. Касцюшка не губляў крэўнай сувязі з Радзімай і звяртаўся з адозваю да сваіх прыхільнікаў на беларускіх землях: “Літва! Землякі і суайчыннікі мае! На вашай зямлі я нарадзіўся і ў запале праведным да маёй Бацькаўшчыны адгукаецца ўва мне найасаблівейшая прыхільнасць да тых, паміж якіх пусціў я карані жыцця…”.

А ў лісце да Аляксандра І за два гады да смерці Тадэвуш Касцюшка пісаў: “Нарадзіўся я ліцвінам… смуга будучыні яшчэ пакрывае лёс маёй роднай зямлі…”. Начальнік паўстання недарма так выказваўся – яго фамільныя карані былі на Берасцейшчыне.

З Берасцейскай зямлі. Паходжанне прозвішча

Вядомы беларускі даследчык Вітаўт Кіпель (ЗША) так выказаўся аб Касцюшку: “Аднак можна з пэўнасцю сцвярджаць, што беларускасць Касцюшкавых біялагічных каранёў не выклікае ніякага сумневу, і ўжо адзін гэты факт дае дастаткова падстаў залічыць дзеі гэтага выдатнага чалавека да заслугаў таксама і беларускага народу ды беларускай спадчыны ў Амерыцы”

Карані Тадэвуша Касцюшкі дакументальна праследжваюцца з XVI стагоддзя. Сваім прывілеем 1509 года Жыгімонт І узнагароджвае яго далёкага продка Касцюшку Фёдаравіча і перадае яму ва ўласнасць Сяхновіцкі маёнтак (сёння Жабінкаўскі раён). Імя Касцюшка ўзнікла як памяншальная форма лацінскага імя Канстанцін.

Сяхновічы
2010 год — пачатак рамонту будучага музея ў Сяхновічах

Пасля набыцця спадчыннага Сяхновіцкага маёнтка ён зрабіўся “дваранінам гаспадарскім”, выканаўцам даручэнняў вялікага князя. Напрыклад, Касцюшка Фёдаравіч збіраў вайсковы падатак з земляў Кобрынскага княства, сумяшчаў пасады камянецкага суддзі і гараднічага, быў велікакняскім камісарам пры разглядзе спрэчных земляў і г.д. Такім чынам, грамадская дзейнасць Касцюшкі Фёдаравіча была дастаткова актыўнаю, каб зрабіцца ўзорам для ягоных нашчадкаў. Бліскучая кар’ера (ад звычайнага баярына да фактычнага кіраўніка старажытнага памежнага горада-крэпасці) адыграла сваю ролю ў замацаванні імя Касцюшкі за ўсімі ягонымі нашчадкамі ў якасці прозвішча.

Славутыя сваякі

Нездарма Тадэвуш апантана ўключыўся ў барацьбу за незалежнасць краіны. Яго славутыя продкі і сваякі раней адзначыліся і ў бітвах з адвечным ворагам ВКЛ – Масковіяй.

Падчас крывавай трынаццацігадовай вайны Расіі супраць Рэчы Паспалітай (1654 – 1667) Ежы Касцюшка быў сярод берасцейскай шляхты, якая ў 1661 годзе “без зброі, пораху і свінцу, без пэўнага ведання справы і ў абмежаванай колькасці” выправілася на вызваленне Берасцейскга замка, занятага маскоўскімі ваяводамі. На чале гэтага руху стаяў кашталян Міхал Савіцкі, ураджэнец маёнтка Савіцкае (сёння Жабінкаўскі раён). “Паспалітае рушэнне”, у склад якога ўваходзіў Ежы Касцюшка, было адкінутае і пабітае ўжо ў першай сутычцы з ворагам, але падрыхтавала ўмовы для канчатковага выгнання маскавітаў з Берасця.

У 1768 годзе ў Рэчы Паспалітай пачалася грамадзянская вайна – Барская канфедэрацыя імкнулася звергнуць караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага дзеля абароны незалежнасці краіны. І тут ужо брат Касцюшкі – Юзаф – ваяваў з Расійскай імперыяй на баку паўстанцаў.

Марачоўшчына ці Сяхновічы?

Што было бліжэй Касцюшку з двух ягоных спадчынных маёнткаў: Марачоўшчына (Івацэвіцкі раён) ці Сяхновічы (Жабінкаўскі раён)? Гэтае пытанне не раз выклікала дыскусіі. Гісторыкі прааналізавалі дакументы і прыйшлі да высновы, што на працягу ўсяго жыцця менавіта да Сяхновічаў генерал захоўваў асаблівыя адносіны. Сюды ён вяртаўся з далёкіх заакіянскіх вандраванняў, пра гэтае месца марыў і тады, калі зноў вымушаны быў пакінуць Радзіму. Пра Марачоўшчыну ж нічога падобнага сказаць немагчыма.

Музей Касцюшкі ў Марачоўшчыне
Музей Касцюшкі ў Марачоўшчыне

Спадчыннае сямейнае гняздо

Вёска Малыя Сяхновічы (Жабінкаўскі раён) – спадчыннае сямейнае гняздо Касцюшкаў-Сяхновіцкіх на працягу ХVІ – ХІХ стагоддзяў. Тут у дзяцінстве, а потым яшчэ пасля вяртання з Амерыкі пэўны час жыў Тадэвуш Касцюшка. Гэта быў той час яго жыцця, які гісторыкі называлі «сялянкай» або «ідыліяй». Сярод мясцовых жыхароў і цяпер існуюць паданні пра алею, якую быццам пасадзіў сам генерал.

Пажар у Малых Сяхновічах у канцы XIX стагоддзя знішчыў дом «з чаротавым дахам» і капліцу з дамавінамі роду Касцюшак-Сяхновіцкіх на бліжэйшых могілках. А ў першую сусветную вайну, у жніўні 1915 г., вёска была цалкам спалена адступаючымі расійскімі войскамі. Да нашых дзён ад былой сядзібы захавалася толькі частка парку (ліпавая алея, бярозавы гай) і будынак сыраварні з глыбокімі мураванымі скляпеннямі. Затое ёсць музей з помнікам генералу, якіх у сённяшняй Беларусі ўсяго толькі два.

Бюст Т. Касцюшка быў усталяваны ў вёсцы яшчэ за савецкім часам – перад будынкам Сяхновіцкай базавай школы. Ён мае цікавую гісторыю. Створаны ў 1932 годзе вядомым польскім скульптарам Бальбінай Відацкай-Свіціч і першапачаткова стаяў у Кобрыне. У пасляваенны час з фармулёўкай “нядобра польскаму шляхцічу стаяць на вуліцы Леніна” Касцюшку адвезлі ў запаснікі Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

На свет яго дасталі праз 35 з лішнім гадоў і вясной 1988 года ўрачыста ўстанавілі ў Малых Сяхновічах. А ў самой школе зрабілі невялікі куток, прысвечаны памяці знакамітага земляка. У 1996 г., да 250-годдзя з дня яго нараджэння, куток пашырыўся і заняў цэлы пакой. Была аформлена экспазіцыя са стэндаў – радавод, герб роду Касцюшкаў-Сяхновіцкіх, асноўныя этапы жыцця і дзейнасці Т. Касцюшкі і г.д. Экспазіцыя пастаянна папаўнялася і нарэшце ў будынку зачыненай на той час школы 19 мая 2011 года быў адкрыты Жабінкаўскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей, у якім Т. Касцюшку адвялі ўжо цэлую залю.

Музей у Малых Сяхновічах
Музей у Малых Сяхновічах

Марачоўшчына

Фальварак Марачоўшчына бацька Тадэвуша – мечнік берасцейскі Людвік Касцюшка – у 1733 годзе набыў у Сапег. Тадэвуш Касцюшка нарадзіўся там 4 лютага 1746 года, а 12 лютага быў ахрышчаны ў касцёле Косава. У Марачоўшчыне прайшлі яго дзіцячыя гады.

Па волі Людвіка Касцюшкі сям’я занялася вяртаннем спадчыннага маёнтка ў Сяхновічах, і ў 1759 г. перабралася туды канчаткова (сам Людвік памёр годам раней). Маці, Тэкля Касцюшка, не хацела болей утрымліваць Марачоўшчыну, і ў 1764 годзе прадала яе. Пасля гэтага ніхто з Касцюшкаў больш ніколі не вяртаўся ў былы косаўскi фальварак. Тым не меней сёння “домік Касцюшкі” ў Марачоўшчыне – галоўны беларускі музей, прысвечаны памяці нацыянальнага героя.

касцёл у Косаве
Касцёл у Косаве

У 1821 годзе Косаўскі ключ набыў Войцэх Пуслоўскі (мы пісалі пра яго тут), які распачаў аднаўленне сядзібы Касцюшкаў. “Пры Польшчы” ў ёй ужо існаваў музей, але хата была спаленая ў час Другой сусветнай вайны. У 1999 годзе на месцы фальварка ўсталявалі мемарыяльны камень, а ў верасні 2004 адчыніла дзверы адноўленая за грошы ЗША хата, дзе цяпер размяшчаецца сядзіба-музей Касцюшкі. 12 мая 2018 года адбылося ўрачыстае адкрыццё помніка Тадэвушу Касцюшку (на загалоўным фота), адлітага паводле праекту беларускага скульптара Геніка Лойкі.

Сёння музей Касцюшкі – адзін з самых папулярных у нашай краіне. Ён падзяляецца на мемарыяльную і гістарычную часткі. Мемарыяльная частка: сені, кухня, пакой маці, працоўны кабінет бацькі Касцюшкі, гасціная – змяшчае начынне XVIII – XIX стст. У гістарычным пакоі знаходзяцца матэрыялы археалагічных раскопак 2003 года – манеты, медалі, грашовыя банкноты з партрэтам Т. Касцюшкі, герб і генеалагічнае дрэва роду Касцюшкаў, зброя сялян-паўстанцаў – косы касінераў і інш. Наведвальнікам прапануецца цікавая экскурсія, а таксама 18-хвілінны фільм, створаны пры фінансавай падтрымцы ЮНЕСКА.

Крупчыцы

17 верасня 1794 года непадалёк ад Кобрына, пад вёскаю Крупчыцы, з раніцы і да трэцяй гадзіны дня доўжылася бітва паўстанцаў Касцюшкі з войскам акупантаў. З абодвух бакоў у ёй удзельнічалі блізу 20 тысяч чалавек. Сярод іх былі і амаль дзве тысячы беларускіх сялян-касінераў, набраных генералам Каралем Серакоўскім пад Берасцем, Кобрынам, Пружанамі, Слонімам і Бярозай.

З інфармацыі «шматлікіх шпегаў», пераважна мясцовых габрэяў, Сувораву былі добра вядомыя бочныя шляхі і падыходы да асноўнай пазіцыі паўстанцаў перад крупчыцкім кляштарам кармелітаў. Флангавым манеўрам, перайшоўшы рэчку Трасцяніцу, аддзелы Суворава змаглі выйсці ў заплечча паўстанцам, захапіць панавальнае над іх пазіцыяй узвышша. Гэта і вызначыла зыход бою. Каб не падставіць свае асноўныя сілы пад знішчальны агонь варожай артылерыі, Серакоўскі аддаў загад адысці.

Нават Сувораў вымушаны быў адзначыць мужнасць паўстанцаў: “…атакаваны непрыяцель змагаўся моцна болей за пяць гадзін”. Параненымі, забітымі, прапалымі без вестак паўстанцы страцілі блізу дзвюх тысяч чалавек. Берагі рэчкі Трасцяніцы можна назваць крывавымі.

Цяпер у колішніх Крупчыцах на месцы былых каталіцкіх могілак стаіць капліца ў гонар бітвы, адкрытая ў 2004 годзе.

Капліца ў Крупчыцах
Капліца ў Крупчыцах. Фота Кузіч Мікола, radzima.org

Кобрын. За нашу і вашу свабоду!

Імя генерала, асабліва пасля расійска-польскай вайны 1792 года і Касцюшкаўскага паўстання, набыло настолькі вялікую папулярнасць, што прадстаўнікі вядомых ліцвінскіх і польскіх сем’яў ахвотна сталі зваць сваіх сыноў імем Тадэвуш.

Подзвіг Тадэвуша Касцюшкі стагоддзямі натхняў патомкаў на барацьбу за волю.
На старых могілках у Кобрыне ёсць магіла сваячанiцы генерала Антаніны Аляксандраўны (каля 1835 – 1906), якая на шыльдзе помніка названая “Антаніна з Касцюшкаў Траўгутава Міцкевічава”. Першы яе муж Рамуальд Траўгут (1826 – 1864) быў адным з кіраўнікоў паўстання 1863 – 1864 гадоў на Беларусі і ў Польшчы.

Рамуальд Траугут
Рамуальд Траугут

Непасрэдна перад пачаткам паўстання палкоўнік Траўгут атрымаў адстаўку з расійскай арміі. Прыкладна ў гэты самы час у ягонай сям’і разыгралася сапраўдная драма, калі за нейкі год памерлі жонка Ганна Пікель, двое дзяцей і бабуля. Але менавіта тады “ён, унук паўстанца 1794 года, які заслужыў за храбрасць пахвалу Тадэвуша Касцюшкі, знаёміцца з жанчынай, чыё імя штодзённа напамінае пра гераічнае мінулае. Антаніна Касцюшка, нашчадак вялікага бунтара, стала жонкай Рамуальда Траўгута якраз тады, калі ён набліжаўся да самых крутых паваротаў свайго жыцця”.

Пры падаўленні збройнага чыну генерал паўстанцаў Траўгут быў захоплены ў палон і 24 ліпеня (5 жніўня) 1864 года пакараны смерцю. Яго сімвалічнае пахаванне знаходзіцца ў Варшаве, на магіле дачкі Алаізы.

Пасля гібелі Траўгута Антаніна ў другі раз пайшла за Францішка Аляксандравіча Міцкевіча, пляменніка Адама Міцкевіча. Жанчына памерла 5 кастрычніка 1906 года.

Глядзіце яшчэ:
Шыбельная гара, помнік у Косаве, будынак Юндзілаў: мясціны, звязаныя з паўстаннем 1863 у Івацэвіцкім раёне