Гэты дуб уваходзіць у тройку найвялікшых па ахопе жывых у Беларусі. Таму, калі давядзецца завітаць на Целяханшчыну Івацэвіцкага раёну Брэсцкай вобласці, не прамінайце магчымасці завітаць да гэтага прыроднага турыстычнага помніка. Тым больш, вакол яго шмат цікавостак і таямніц.

Читайте "Першы" в:

Гэты велізарны дуб знаходзіцца на могілках вёскі Бабровічы. Яго вышыня 18 метраў, а ахоп – 7,42 метра. На галінах вісіць прымацаваная на ланцуг шыльда, на якой сцвярджаецца, што ўзрост дрэва можа быць каля 600 гадоў.

Спрэчкі аб узросце і ўплыў маланкі

Што праўда, пра ўзрост гэтага дуба ёсць спрэчкі. Некаторыя крыніцы даюць яму толькі тры стагоддзі. Усё ж верыцца, што 600 год – больш рэальная ацэнка, можна прывесці, напрыклад, аналогію з такім жа па абхваце дубам у Англіі, якому брытанскія вучоныя налічылі больш за 600 гадоў.

Бабровіцкі дуб
Бабровіцкі дуб

Ёсць і іншыя версіі наконта узросту Бабровіцкага дуба. Мясцовы краязнаўца Веньямін Бычкоўскі выказвае меркаванне, што ён можа быць і тысячагадовым! Што праўда, такія дубы могуць расці і паўтары тысячагоддзя. Напрыклад, у Балгарыі аднаму велічнаму дубу ўжо 1700 гадоў.

Дакладна назваць узрост Бабровіцкага дуба можна будзе, калі ён загіне і дрэва спілуюць. Падлічыць узрост тады будзе нескладана па гадавых кольцах. Праўда, давядзецца пачакаць. Магчыма, стагоддзі, дай Бог здароўя гэтаму дрэву….

Але са здароўем у велікана былі праблемы. Ужо ў цяперашнім стагоддзі ў дрэва трапіла маланка. Цяпер на ім адмеціна, абсыпаная кара. Гэта, канешне, прынесла шкоду дрэву, але тым не меней, яно выжыла, галіны зелянеюць.

дуб Бобровичи
Бачны след ад удару маланкі

Загадка назвы

На шыльдзе, якая вісіць на дрэве, яму напісалі імя “Цар-дуб”. Скажам так, діўная назва, улічваючы, што ён з’явіўся раней, чым гэтыя землі патрапілі пад уладу расійскіх цароў, а палешукі тады і не ведалі такога слова.

Тут цар і не прабягаў
Тут цар і не прабягаў

600 год таму гэтыя землі былі ў складзе Вялікага Княства Літоўскага. У тыя ж часы было і першае ўпамінанне мясцовай вёскі Бабровічы. У 1401 годзе вялікі князь Вітаўт падараваў гэтую вёску разам з Вядскай воласцю слуцкім князям Алелькавічам.

Таму больш падыходіла б Бабровіцкаму дубу імя “Княскі” (“Княжеский”, калі хочаце па-руску), чым недарэчная мянушка “Цар-дуб”.

Але ёсць яшчэ адна назва гэтага дуба, якая была нават запісана на карце да рэвалюцыі 1917 года. І напісана на ёй было “Свяшчэнны дуб”. І гэтая назва мае большае права на жыццё.

Капішча

Справа ў тым, што дуб знаходзіцца на могілках каля вёскі Бабровічы. Могілкі тут вядомыя, як найменей, з 19 стагоддзя. У інтэрнэце ёсць нават і фотаздымак 1920-х гадоў, як быццам пад гэтым дубам адбывалася пахаванне чалавека.

пахаванне
Пахаванне пад дубам. ruinsandmore.com сцвярджае, што гэта было ў Бабровічах

Але ёсць версія, што да гэтых могілак тут было язычніцкае капішча. Гэта значыць, свяшчэннае месца для дахрысціянскіх людзей, дзе прыносілі ахвяры сваім багам. Выключаць гэтую тэорыю нельга, бо месца, сапраўды, падыходзіць. Яно на ўзвышэнні. Побач – возера і вёска.

А людзі тут жылі з каменнага веку. Недалёка ад Бабровічаў археолагі знайшлі стаянку старажытнага чалавека часоў мезаліту, якая існавала ў прамежку паміж 10 і 6 тысячагоддзямі да нашай эры. Гэта значыць, людзі тут маглі быць 12 тысяч гадоў таму назад! Канешне ж, яны спраўлялі свае духоўныя язычніцкія патрэбы задоўга да з’яўлення хрысціянства.

Братоў пасеклі

Каля Бабровіцкага Свяшчэннага дуба знаходзіцца яшчэ адзін, але ён значна меньшых памераў.

дуб Бобровичи
Малодшы брат Свяшчэннага дуба. Яму можа быць гадоў 300

Было тут яшчэ болей дубоў. Але, чамусьці, ў 2022 годзе іх папілавалі. Навошта? Загадка. Застаецца спадзявацца толькі, што праз год 300, калі Свяшчэнны дуб засохне, яго адзіны малодшы брат зможа працягнуць справу і стаць новым самым вялікім дубам.

Канешне, мы гэтага ўжо не пабачым…. Пачакайце, а можа таму і папілавалі іншыя дубы каля бабаровіцкага велікана, ад зайздрасці, што людзі столькі не пражывуць?

пень
Ёсць тут і парэшткі дрэва, спілаванага не так даўнно

Каардынаты

Знайсці дуб можна па каардынатах 52°36’56.0263″ N 25°46’39.1483″ E. На мапах гугла ён не пазначаны. А ў яндэксе, калі на мапе знайсці вёску Бабровічы Івацэвіцкага раёна, побач пабачыце пазнаку “Дуб-патрыярх”. Ну хай сабе будзе і патрыярх. Можа і паспеў ахрысціцца той Свяшчэнны дуб.

Чытайце яшчэ:

Баляслаў Пачопка: вясковы святар на Целяханшчыне, якому дапамагала княгіня