28 студзеня 2026 году ў мястэчку Малеч Бярозаўскага раёну пахавалі Анатоля Сахарушу, вядомага агранома, грамадска-палітычнага дзеяча. Яму ішоў 76-ты год. Мясцовыя ведалі яго як барацьбіта за вырашэнне тутэйшых праблем, выдаўца невялікай газеткі. Прымаў удзел ён і ў палітычнай дзейнасці.

Читайте "Першы" в:

Анатоль Сахаруша нарадзіўся ў 1950 годзе. Па адукацыі ён аграном. З дзяцінства ў яго была прага да вольнай інфармацыі, у тыя часы бачыў, як старэйшыя таемна слухалі “варожыя замежныя галасы” па радыё. І сам падчас навучання ў Пружанскім сельскагаспадарчым тэхнікуме пачаў слухаць радыёстанцыі з-за мяжы для беларусаў, піша pinsk.life.

У 1968 годзе, калі адбывалася падаўленне паўстання ў Празе, ён задаў пытанні аб гэтым выкладчыку. Той данёс вышэй, што навучэнец слухае “варожыя галасы”. У яго забралі прымач, пагутарылі з бацькамі. Анатоля не выключалі, але ён успамінаў, што яго асабліва пільнавалі, а некаторыя мусілі даносіць, чым ён займаецца.

Назваў кумірам Калчака

Пасля тэхнікума Анатоль Сахаруша патрапіў служыць у марфлот Савецкай арміі. І там з ім здарыўся таксама кур’ёзны выпадак. Аднойчы з праверкай прыехаў адмірал, задаваў розныя пытанні. І Сахарушу спытаў, хто яго кумір на флоце. А Анатоль, доўга не думаючы, сказаў савецкаму адміралу, што яго кумір белагвардзейскі адмірал Аляксандр Калчак. Сахаруша патлумачыў свой выбар тым, што ён быў таленавітым, раз яго ў 26 год паставілі камандаваць флотам.

Савецкі адмірал Сядоў, з якім гаварыў Сахаруша, відавочна, быў у шоку. Ён спытаў ў марака, ці падабаецца яму служыць на Паўночным флоце. Сахаруша адказаў, што нармальна, толькі холадна. То адмірал сказаў яму, што калі б была яго воля, то за Калчака ён бы яшчэ гадоў 10-15 пабыў бы на Поўначы.

Пасля таго скандалу Сахарушы перасталі даваць важныя даручэнні і пазбавілі зброі.

Працаваў у паказальнай гаспадарцы

Пасля войска Анатоль Сахаруша працаваў у паказальным саўгасе ў мястэчку Малеч. Быў начальнікам участка. Часта спрачаўся з начальствам па агранамічных пытаннях. Партыйныя начальнікі за ўпарты характар празвалі яго “Яршом”.

«А ўсе газеты толькі ўжо пра Малеч і пісалі — „доследна-паказальная гаспадарка саюзнага значэння…“. То і я так умею гаспадарыць — дайце мне грошы, ад іншых адбярыце, і аддайце сюды… Ну, але там сувязі з Машэравым былі ў дырэктара, ён і прылятаў сюды на верталёце», — упамінаў пазней у размове з журналістамі Анатоль Сахаруша.

Завочна Анатоль скончыў сельскагападарчую акадэмію. Але ў камуністысную партыю не ўступіў, таму і казалі яму, што надта вялікім начальнікам не стане.

Анатоль Сахаруша, 2015 год
Анатоль Сахаруша, 2015 год

Палітычны дзеяч

Падчас Перабудовы ў СССР Анатоль Сахаруша далучыўся да заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронту.  Падчас першых прэзідэнцкіх выбараў працаваў у камандзе Зянона Пазняка. У 2000-х быў сябрам Сойму Партыі БНФ.

Прымаў удзел і ў іншых палітычных кампаніях. Яго ведалі не толькі ў раёне, але мусілі лічыцца і абласныя чыноўнікі. Падчас выбараў 2010 году ў яго мястэчка Малеч прыязжаў старшыня аблвыканкаму Канстанцін Сумар, які быў даверанай асобай Лукашэнкі. Сумар праводзіў агітацыйны сход.

Сахаруша тады быў даверанай асобай кандыдата ад БНФ Рыгора Кастусёва.

«Мне распавялі, што Сумар загадаў ладзіць сустрэчу з выбарцамі ў Малечы, бо тут давераная асоба аднаго з кандыдатаў… Пачаўся сход, і я прыйшоў. А Сумар адразу мяне паклікаў ды пры ўсіх прапануе выступіць першым. Вось так я выступіў з агітацыяй за Кастусёва ў часе прыезду даверанай асобы Лукашэнкі», — успамінаў журналістам Анатоль.

Кур’ёзы ладзіў Сахаруша і падчас іншых выбарчых кампаній. Аднойчы накіраваў заяву, каб прынялі ў ініцыятыўную групу Лукашэнкі. Казаў, што хацеў праверыць, наколькі ахвотна будуць падпісвацца за яго людзі паралельна з кандыдатам ад БНФ. Што праўда, чамусьці ў каманду Лукашэнкі бээнэфаўца не захацелі прыняць.

Адраджэнец

Анатоль Сахаруша быў прыхільнікам беларушчыны, гаварыў па-беларуску. Ён выдаваў у Малечы і беларускую газету з невялікім накладам, якая называлася “Крыніца”.

Светлая памяць, спачуванні блізкім і ўсім, хто ведаў Анатоля Сахарушу.

А таксама мы пісалі: Сенсации о Берёзовском районе есть в новой книге брестского профессора

Чытаць яшчэ: Уэйн Гретцки и Молли Антополь – знаменитости с корнями из Дрогичинского раона

Насколько публикация полезна?

Нажмите на звезду, чтобы оценить!

Средняя оценка 0 / 5. Количество оценок: 0

Оценок пока нет. Поставьте оценку первым.

Так как вы нашли эту публикацию полезной...

Подписывайтесь на нас в соцсетях!