У кароткім пасланні вяскоўцы просяць дапамагчы ім у вельмі канкрэтнай і жыццёвай справе… Пісалі, відаць, доўга, старанна, ад рукі і з надзеяй. І гэты ліст падтверджанне таго, што вядомыя людзі творчасці на той час мелі рэальны ўплыў і маглі вырашаць сур’ёзныя праблемы. Бо партыйныя чыноўнікі, гэтак як і цяперашнія, ніяк не змяніліся – ад іх звычайна прыходзілі фармальныя адпіскі.
У пісьме – просьба жыхароў палескай вёскі Люсіна Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці да Якуба Коласа дапамагчы з будаўніцтвам школы. Сам факт звароту выглядае сёння амаль фантастычна: вяскоўцы не ідуць адразу ў райвыканкам ці аблвыканкам, а пішуць народнаму паэту.
І робяць гэта не як прыхільнікі літаратуры, а як людзі, якія разумеюць: перад імі фігура з рэальным аўтарытэтам. Праз дзесяцігоддзі, калі ў вёсцы спатрэбілася школа, апошняй надзеяй стаў не міністр, не партыя, не ўрад, а той самы малады настаўнік, які калісьці хадзіў па гэтых балотах і потым напісаў пра іх кнігу.
Вёска Люсіна ў Ганцавіцкім раёне займае асаблівае месца ў беларускай культуры. Менавіта яна стала прататыпам вёскі ў аповесці Якуба Коласа «У палескай глушы» – першай частцы трылогіі «На ростанях». Тут у пачатку ХХ стагоддзя працаваў малады Канстанцін Міцкевіч, і менавіта люсінскі досвед лёг у аснову вобраза настаўніка Андрэя Лабановіча.
Праз амаль 40 гадоў пасля гэтага жыхары Люсіны напісалі Коласу ліст з просьбай дапамагчы пабудаваць школу. Яны звярнуліся да яго не як да класіка, а як да “свайго” чалавека, які калісьці жыў у іхняй вёсцы і застаўся часткай яе гісторыі. Гэта рэдкі выпадак, калі рэальная вёска спачатку ўваходзіць у літаратуру, а потым вяртаецца ў гісторыю ўжо як суб’ект звароту да ўласнага аўтара.
Людзі лічылі, што паэт мае ўладу, большую чым чыноўнікі
Структура ліста вельмі паказальная. Спачатку – доўгае і ўрачыстае прывітанне, затым апісанне сітуацыі ў вёсцы. Люсінцы нагадваюць, што калісьці ў іх працавала школа, дзе выкладаў малады Канстанцін Міцкевіч.
Але да канца 1940-х гадоў будынак стаў непрыдатным, а вучняў у вёсцы было ўжо больш за 200 чалавек. Заняткі даводзілася праводзіць у звычайных сялянскіх хатах, у дзве змены, без нармальных умоў.
Прашэнне сфармулявана проста і без лішняй рыторыкі: вяскоўцы просяць пабудаваць у Люсіне васьмігодку ўжо ў наступным навучальным годзе. Фактычна яны звяртаюцца да Коласа як да чалавека, які можа «падштурхнуць сістэму» і прымусіць яе звярнуць увагу.
Вяскоўцы ці то з хітрасцю, і то з-за зацюрканасці савецкай прапаганды, прымяняюць такую фразу, якая з ліста гучыць асабліва моцна:
“Мы яшчэ раз звяртаемся да Вас, а таксама да партыі і ўрада…”
Партыя і ўрад – гэта добра. Але Колас стаіць першым. І гэта, бадай, галоўнае, што робіць гэты дакумент унікальным. Людзі шчыра верылі, што паэт можа быць больш эфектыўным, чым чыноўнік.



Але асабліва цікавы фінал ліста. Пад канец люсінцы абавязкова дэманструюць сваю палітычную лаяльнасць. Сяляне засталіся ж такімі прыгоннымі, толькі ў савецкай сістэме, дзе за кожным словам трэба было сачыць, каб ненарокам не прышылі палітыку.
Гэта было жыццёва неабходна ў часы сталінскіх парадкаў, калі нават нейтральная пазіцыя магла ўспрымацца як падазроная. А любы зварот “наверх” мусіў суправаджацца доказамі ідэалагічнай правільнасці. Ну, фактычна, як і ў зараз, у 2025 годзе, калі рэпрэсіі і беззаконне падаюццца ўладамі, як норма.
Вяскоўцы пішуць літаральна наступнае:
«Мы не пашкадуем ні сіл, ні здароўя на заканчэнне сталінскай пяцігодкі ў 4 гады і хутчэйшаму пераходу да камунізма», – напісалі люсінцы.
Гэтая фраза сёння гучыць як чыстая прапаганда, але ў кантэксце 1948 года яна была не пустой рыторыкай, а своеасаблівым пропускам у дыялог з уладай. Без такіх фармулёвак ліст мог проста не мець шанцаў быць успрынятым сур’ёзна.
Самым жа важным у гэтай гісторыі застаецца іншае. Люсінцы ўспрымалі Якуба Коласа не як «класіка з падручніка», а як рэальнага суб’екта ўплыву. Чалавека, да якога можна звярнуцца, калі не працуе звычайная бюракратычная машына.
Па спіралі гісторыі
Сёння цяжка ўявіць падобную сітуацыю. Творчыя людзі, паэты пісьменнікі, амаль цалкам выціснутыя з поля рэальных рашэнняў. І нават прыдворных літаратараў з сумніўнымі поспехамі у творчай дзейнасці, а ацэненых толькі за лаяльнасць да ўлады, могуць, у лепшым выпадку, выкарыстоўваць, як выгадны для дзяржпрапаганды сімвал, запрасіць на мерапрыемства, пасадзіўшы ў першым радзе, уручыць дыплом або кветкі.
Але ўплываць на палітыку і сацыяльныя працэсы яны практычна не могуць. Яны хутчэй дэкарацыя, чым дзеючыя асобы, які рэальна могуць на нешта ўплываць.
Гісторыя гэтага пісьма на гэтым не заканчваецца. Яна мела працяг. І вельмі паказальны. Але гэта ўжо іншая частка архіўнай драмы, у якой паэт зноў апынуўся не проста сведкам, а ўдзельнікам. А прачытаць пра іншыя пісьмы да беларускага песняра Якуба Коласа можна тут.
