Паэт Мікола Купрэеў так характэрызаваў свайго сябра: «Мікола Папека – чалавек… парадаксальны. Вырас ён у глыбіннай палескай вёсцы Турная, што ля Целяханаў, а скончыў сельскагаспадарчую акадэмію ў Кіеве па спецыяльнасці заатэхніка-пчаляра. Ён выдатна ведае мастацкую літаратуру, філасофію, гісторыю і – трактар, аўтамашыну. Пчаляр, ён мала есць мёду і любіць параны бурак. Стварае-збірае свой, хатні, музей сялянскай побытавай культуры і піша вершы. А вершы яго – часам постмадэрнісцкага гатунку, але найбольш – гатунку свайго, папекаўскага».
Дадамо яшчэ колькі штрыхоў з біяграфіі майстра: Мікола Папека нарадзіўся 28 снежня 1961 г. у в. Турная. Скончыў Аляхновіцкую сярэднюю школу (1979), Смілавіцкі саўгас-тэхнікум (1981). Вышэйшую адукацыю атрымаў ва Украінскай сельскагаспадарчай акадэміі ў Кіеве па спецыяльнасці «заатэхнік-пчаляр» (1986). Пасля заканчэння ВНУ Мікалай Папека вярнуўся на Брэстчыну, пасяліўся ў в. Лінава Пружанскага раёна. Спачатку працаваў пчаляром у мясцовым лясніцтве, потым – на ўласнай гаспадарцы.
Літаратар і пчаляр актыўна цікавіцца краязнаўствам, сабраў у свой час добрую прыватную этнаграфічную калекцыю, піша артыкулы на розныя тэмы. Даследаваў гісторыю ўзнікнення выявы зубра на пячатках г. Брэста, на гербавых гузіках служачых Гродзенскай губерні.

Паэт і перакладчык
Першыя вершы Мікола Папека напісаў у школьныя гады. Зацікаўлены чытач знаёмы з яго творамі па публікацыях у абласным і рэспубліканскім друку. Друкаваўся ў часопісе «Крыніца», штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва». У 1999 г. у серыі «Берасцейскае вогнішча» выйшаў першы зборнік паэта «Чарнавікі…». У 2000 г. за гэты зборнік аўтар быў узнагароджаны прэміяй «Гліняны Вялес».
Пчала і Чалавек
Так вялося стагоддзямі,
што побач пчала й чалавек
і ўдоваль было мёду і воску,
Богу свечак, а людзям пітва,
ды сталася неверагоднае
стагоддзем уранавага яблыка, –
змялела мёду джарэла…
і цяпер невыгодна жыццё
ды зайздросна карысліва смерць,
і канае пчала працавітая,
а ў ёй чалавек…
Мікола Папека таксама вядомы як перакладчык. Ён перакладае з рускай, украінскай, польскай паэзіі. Пераклад паэмы Юзафа Крашэўскага «Вёска» выйшаў асобным выданнем у 2012 г., яго ж аповесці «Чэрча Магіла» – у 2021 г.
Седзячы ў турме (аб гэтым перыядзе ў жыцці паэта будзе далей), паэт не даваў сваёй творчай душы застыць і знямець – сёе-тое пісаць удавалася, і нешта ўдалося пераслаць ці вынесці:
Ноччу ў турэмны пакой
На святло….
Заляцеў матыль…
Матыль экзатычны…
Прыгожы матыль!
Што шукаеш у турэмным пакоі?..
Сэрца паэта?..
Выпускаю матыля ў ноч…
Але ў месцах зняволення пчаляр і паэт у асноўным займаўся перакладамі паэзіі, пераважна расійскіх аўтараў, творы якіх у немалой колькасці былі ў зонаўскай ды турэмнай бібліятэках. Урыўкамі перакладаў раман «Паэт і свет» польскага пісьменніка Юзафа Крашэўскага, жыццё якога было цесна звязана з Пружаншчынай. А яшчэ спрабаваў перакладаць асетынскі эпас, які яму разам са слоўнікам даслаў з Асетыі сябар. Зробленыя пераклады даваў сябрам, і яны іх высылалі сваім родным, Мікола таксама высылаў нешта сваім родным, бо меркаваў, што напісанае не прапусцяць пры вызваленні. Але ўсё перакладзенае прапусцілі і далі вынесці.
Мядовая прэмія
У 2001 годзе Мікола Папека заснаваў “Мядовую прэмію”, лаўрэат якой атрымліваў пуд мёду. Пра падобныя літаратурныя прэміі невядома нідзе ў свеце. У розныя гады сярод лаўрэатаў “Мядовай прэміі” былі такія вядомыя пісьменнікі з Берасцейшчыны як Мікола Пракаповіч, Алесь Каско, Мікола Купрэеў, Леанід Валасюк, Павел Ляхновіч і многія іншыя. А ў 2013 годзе прэмія выйшла за межы Беларусі – яе атрымала валынская паэтка Ніна Горык. Усяго было ўганаравана 18 пісьменнікаў. Напачатку цырымонія ўганаравання “Мядовай прэміяй” адбывалася ў палацы ў Пружанах.

З 2020 году прэмія не ўручалася, бо яе заснавальнік быў затрыманы і асуджаны. Але ў 2024 г. ужо на Беласточчыне Мікола Папека аднавіў «Мядовую прэмію» і 16 верасня назваў яе новых лаўрэатаў: паэтку Валянціну Аксак і пісьменніка Уладзіміра Арлова.
Пчаляр так патлумачыў свой выбар: «Прэмія выходзіць, калі казаць пра геаграфію, трошкі далей, раней яна была пераважна берасцейская, цяпер будзе больш пашыраная. Тут для мяне вельмі добра выглядаюць дзьве асобы, гэта муж і жонка Уладзімір Арлоў і Валянціна Аксак. Валянціна як паэтка, а Уладзімір вядомы і як паэт, і як празаік, і як гісторык, і як папулізатар гісторыі. Я лічу, што гэта выдатныя асобы для “Мядовай прэміі”. Мяне адарылі мёдам пчала і прырода, і я магу частку гэтага дару ахвяраваць на падтрымку літаратуры».
Турма
30 лістапада 2020 году Міколу Папеку затрымалі па крымінальнай справе за ўдзел у пратэстах. 8 чэрвеня 2021 году яго асудзілі на 2 гады «хіміі» за ўдзел у карагодзе на праезнай частцы ў Брэсце. З 13 верасня 2021 г. паэт адбываў пакаранне, 17 снежня 2022 года выйшаў на волю.
“Я ў турме, – пісаў паэт у адным з лістоў сябрам. – Хоць гэта і называецца „папраўчая ўстанова адкрытага тыпу“. Усё роўна гэта турма, бо мая воля і мой час абмежаваны і я падпарадкаваны парадку, выконваючы працу ў мэтах майго нібыта перавыхавання… Навошта мяне перавыхоўваць, ды і ці магчыма гэта, выканаўцаў не цікавіць… Але мне няма калі глянуць угару і заняцца сабою… Бо трэба выконваць працу, а працаваць мушу дзеля перавыхавання”.
Мікола Папека пісаў у зняволенні і такія вершы:
Сёння нейкая злая варта.
Лейтэнанчык з чорным агнём у вачах…
Пачаў мяне дапытваць:
«На каком языке это я разговарываю?»
Хацелася адказаць, якім!
Я тут у вашай установе госць.
А вы нібыта гаспадары?
Дык прыміце ж гасцінна мяне.
Вольна на мове.
Знішчаная гаспадарка
Цалкам адбыўшы пакаранне, Мікола Папека выйшаў на волю 17 снежня 2022 году. І ў сваім пчальніку ўбачыў запусценне:
– Па роду занятку я сапраўды люблю пчалін, аддаў ім 45 гадоў жыцця. Што і казаць – два гады пазбаўлення волі я разглядаў, як знішчэнне маёй гаспадаркі. Вярнуўся дамоў зімою 17 снежня і пачаў аглядаць, што ад маёй гаспадаркі ацалела. А ацалела няшмат. На жаль, пчолы ў сучасных умовах без чалавека выжыць ня могуць – і хварэюць, і падвозіць трэба да мёдадайных палеткаў. Значная колькасьць маіх пчолаў зраілася, а ў вульлях пасялілася матыліца (моль) і патрушчыла пчаліныя соты ды рамкі. Усё гэта з крыўдаю даводзілася зімою вычышчаць ды выдзіраць, а пчолак, якія яшчэ неяк ацалелі, падхарчоўваць і апрацоўваць ад кляшча.

Эміграцыя
Неўзабаве Мікола Папека, як і шмат яго суайчыннікаў, з’ехаў у Грузію, там атрымаў гуманітарную візу і ў 2023 годзе выехаў жыць у Польшчу. Паэт так тлумачыць сваё рашэнне:
– Вымушаны пакінуць і пчаліну, і радзіну, і Радзіму, як і сотні тысяч грамадзян Беларусі, праз несправядлівасць і абсурднасць судовых выракаў. Ды і пасля адбытага тэрміну неабходна было паправіць здароўе ды знайсці псіхалагічны ды сацыяльны спакой. (…)А зноў трапіць у турму і не бачыць родных, не мець з імі сустрэч ды не займацца сваёю справаю, пчалярствам, якому прысвяціў усё сваё жыццё, ня хочацца, дый неразумна.
Разлучацца цяжэй з роднымі, чым з пчалінаю. Я амаль два гады быў з роднымі разлучаны і вымушаны быў атрымліваць ад іх матэрыяльную дапамогу і псіхалагічную падтрымку. А цяпер маю матэрыяльную самастойнасць і магчымасць кіраваць сваім жыццём. Ды і сувязь з роднымі і светам ёсць, дзякуючы сучасным сродкам камунікацыі…
Вядома, бракуе фізічнай блізкасці з роднымі. Шкада і гаспадаркі, якую ствараў там на працягу больш як сарака гадоў. Цяпер неабходна пачынаць практычна з нуля ды яшчэ ў невядомых варунках іншай краіны, без сваёй хаты і пчалінага рыштунку і шмат чаго іншага.
Вяртанне да пчолаў
У эміграцыі Мікола Папека вырашыў заняцца ўлюбёнай справай – пчоламі. Спачатку ён папрацаваў крыху на чужым пчальніку ў якасці наёмнага работніка – каб пераняць асаблівасці польскага пчалярства. А потым за свае грашовыя ашчаджэнні купіў невялікі пчальнік.
“Тут давялося прыстасоўвацца і да новай для мяне сыстэмы вульляў, і да характару прыроды, да культураў лясной і сельскай гаспадаркі, – расказвае пчаляр. – Прыемна здзівіла колькасць і разнастайнасць ліпаў, асабліва ў гарадскім наваколлі. А пчала як пчала – яна ўвесь час мяняецца і не бывае, каб была аднолькавая заўсёды (як, дарэчы, і ўсё жывое). Свой мёд – гэта свой мёд, і для мяне гэта, як з зямлі крыніца. Мёд – гэта цуд, ён заўжды з гарчынкаю, а часам яшчэ з кіслінкаю… А галоўнае – вось ён, табою здабыты мёд, з якім ты можаш ісці да людзей, які ты можаш спажываць, не абмяжоўваючы сябе… Першыя кроплі мёду са свайго пчальніку рэабілітавалі мяне ў сваёй існасці як пчаляра, вярнулі да звыклай плыні жыцця, ажывілі карані”.

Марафон вяртання на Радзіму
Берасцейскі паэт разважае пра цяжкасці жыцця ў чужым грамадстве і пра перспектывы вяртання дамоў:
– Жадаеш таго ці не, усё роўна цяперашняе нявызначанае жыццё тут вымушае згадваць, што прывяло да бадзяння па свеце, дзе ты не маеш таго напрацаванага дзесяцігоддзямі падмурку ды забяспечанага тылу, засцярогі на заўтрашні дзень, сяброўскага ды суседзкага асяроддзя.
І на 62-м годзе жыцця павінен пускаць карэнне ў іншую глебу, бо са сваёй роднай цябе вырвалі і гвалтоўна адлучылі. Бо з уласнай волі я аніколі не жадаў ехаць ані ў якую Грузію ды Польшчу, ня толькі дзеля адпачынку, але і дзеля заробку…
Так што памяць пра «хімію», СІЗА ды зону паціху сціраецца. І, магчыма, сцерлася б больш, каб не цікавіўся тымі катастрафічнымі падзеямі, што адбываюцца ў Беларусі і ва Украіне. Яны не даюць сканцэнтравацца на сабе, таму што ад тых падзеяў залежыць і мой далейшы лёс. Таму нават калі б і моцна хацеў пазбавіцца ўспамінаў, то не атрымліваецца і, відаць, не атрымаецца.
Ці адаптаваўся я? Не! Дый наўрад ці ў маім узросьце магчыма цалкам адаптавацца. А сітуацыя, у якую я трапіў, як і многія іншыя неабыякавыя грамадзяне, вельмі слушна пераказаная адным з палітуцекачоў, што мы тут як на «хіміі» на радзіме – бо не можам, гэтаксама як і з папраўчае калоніі, паехаць да сябе дахаты, да прыкладу, пры смерці сваіх родных…
Так што да адаптацыі далёка. Але, нягледзячы на ўзрост, вымушаны пускаць карэнчыкі і неяк адаптавацца. Калі ішоў сядзець на «хімію», разлічваў, што за два гады сітуацыя калі ня зменіцца да лепшага, то хаця б нармалізуецца. На жаль, гэтага не здарылася, і цяпер замест чаканай кароткай дыстанцыі настройваю сябе ды іншых на марафон у перспектыве вяртання на Радзіму.

Ці пішацца ў эміграцыі?
І так, і не. Мікола Папека прызнае пэўныя цяжкасці:
– Комплекс Антэя, безумоўна, існуе, і родная зямля ды народ надае натхненьня ў працы, у тым ліку і літаратурнай. На эміграцыі, ды яшчэ ў першыя месяцы, калі ты яшчэ ня звыкся з тым, што вырваны з прывычнага асяродзя, а яшчэ мусіш думаць пра тое, як пражыць, на пісанне часу застаецца няшмат. Ды я ніколі многа і не пісаў, не абцяжарваў і не прымушаў сябе, што павінен пісаць штодня і многа. І ніколі не жыў з літаратуры, наадварот: сродкі, якія зарабляў пчалярствам, траціў на друкаванне нешматлікіх твораў і перакладаў.
Так што пішацца мала з прычыны неўсталяванасці жыцця і адсутнасці значнага літаратурнага свербу. У асноўным займаюся перакладамі – як паэзіі, так і прозы. Пераклаў вось нядаўна поўнсцю раман Юзафа Ігнацы Крашэўскага «Паэт і cвет».
Я баюся спазніцца ў турму
На «хіміі» ў чарзе
Заняў чаргу ў краме мой сябар,
Я забягаю – хутчэй бы купіці.
Жанчына пытае абурана:
– Малады чалавек, куда вы спяшыце?..
– Я баюся спазніцца ў турму.
А вы вярнуцца дахаты
ў час любы вольныя.
Чытайце яшчэ:
Баляслаў Пачопка: вясковы святар на Целяханшчыне, якому дапамагала княгіня
