Больш за 7 тысяч кампаній створана у Польшы з беларускім капіталам або беларускімі бенефіцыярамі. Кафэ з мінскімі каранямі ў Варшавее, кампанія па распрацоўцы праграмнага забеспячэння, заснаваная праграмістамі з Беларусі, інтэрнэт-крама касметыкі, якую адкрыла былая супрацоўніца карпарацыі з Гродна і шмат іншых – гісторыі беларускага бізнесу ў Польшчы сёння вельмі разнастайныя. Іх аб'ядноўвае адно: рашэнне будаваць сваю справу далей ад рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Читайте "Першы" в:

У лістападзе 2025 года Нацыянальны банк Польшчы апублікаваў даследаванне «Жыццёвае і эканамічнае становішча імігрантаў з Беларусі ў Польшчы ў 2025 годзе», заснаванае на анкетаванні беларусаў. У ім прааналізаваныя прычыны пераезду, узровень адукацыі і ведання польскай мовы, занятасць, даходы, прадпрымальніцкая актыўнасць, грашовыя пераводы ў Беларусь і планы на будучыню.

Паводле даследавання, каля 16% апытаных беларусаў не мелі працы, а іх шанцы на ўладкаванне і ўзровень даходаў істотна залежалі ад часу пераезду, полу і ступені інтэграцыі ў польскі рынак працы. Найбуйнейшы прыток беларускага бізнесу ў Польшчу прыпаў на 2021–2023 гады.

Гэты бум быў выкліканы перадусім палітычнымі прычынамі. Рэпрэсіі супраць незалежнага бізнесу ў Беларусі, рызыка нацыяналізацыі, пераслед прадпрымальнікаў, якія крытычна ставіліся да ўлады, а таксама рэальная пагроза закрыцця межаў прымусілі тысячы людзей шукаць больш бяспечнае месца для вядзення бізнесу.

Аднак апошнія даныя сведчаць, што тэмпы стварэння новых кампаній беларусамі прыкметна знізіліся.

У 2025 годзе было зарэгістравана 873 новыя кампаніі з беларускім капіталам. Для параўнання:

  • 2022 год — 1501;
  • 2023 год — 1418;
  • 2024 год — 1221;
  • 2025 год — 873.

Гэта значыць, што хваля пераезду беларускага бізнесу запавольваецца, але застаецца значнай. Больш за палову такіх кампаній – 3860, або 54,4% – зарэгістраваныя ў Мазавецкім ваяводстве.

У самой Варшаве працавала 3361 кампанія. Далей ідуць Беласток — 723, Уроцлаў — 401, Гданьск — 325 і Бяла-Падляска — 300.

Амаль дзве трэці ўсіх новых бізнесаў працавалі ў сферы інфармацыі і камунікацыі. На практыцы гэта былі праграмісты, ІТ-спецыялісты і тэхналагічныя кампаніі, якія проста перанеслі сваю дзейнасць умоўна з берагоў Свіслачы на берагі Віслы.

Паводле інфармацыі Цэнтральнага рэестра прадпрымальніцкай дзейнасці (CEIDG), за 2025 года грамадзяне Беларусі падалі каля 2,7 тысяч заяў на рэгістрацыю індывідуальнай прадпрымальніцкай дзейнасці. Гэта па-ранейшаму другая па колькасці мігранцкая група пасля ўкраінцаў, але ўжо значна менш актыўная, чым два гады таму.

Колькасць бізнес-кампаній з беларускім капіталам у Польшчы на 2026 год

Юрысты, якія аналізуюць гэтыя даныя, адзначаюць, што першая хваля міграцыі ўжо стабілізавалася. Частка прадпрымальнікаў перайшла ад індывідуальнай дзейнасці да стварэння кампаній, а іншыя абралі для рэлакацыі іншыя краіны.

Дзяржаўная праграма, якая адкрыла дзверы

Ключавым інструментам падтрымкі беларускага бізнесу ў Польшчы стала дзяржаўная праграма Poland. Business Harbour, запушчаная восенню 2020 года Польскім агенцтвам інвестыцый і гандлю сумесна з Cambridge Innovation Center, Venture Cafe Warsaw і кансалтынгавай кампаніяй EY.

Праграма была створана спецыяльна для беларускіх ІТ-спецыялістаў і стартапаў. Яна прапаноўвала бясплатную інфармацыйную, юрыдычную і падатковую падтрымку пры пераносе бізнесу ў Польшчу, спрошчаную візавую працэдуру і дапамогу ў наладжванні кантактаў з польскім бізнес-асяроддзем.

Пазней у межах праграмы «Польскі лад» яе дзеянне пашырылі і на прадпрымальнікаў з Арменіі, Грузіі, Малдовы і Украіны. Аднак менавіта Беларусь стала першай краінай, дзеля якой была створана гэтая ініцыятыва.

польскі лад

«Польскі лад» – гэта не спецыяльная праграма для беларускага бізнесу, а шырокі пакет падатковых, сацыяльных і інвестыцыйных рэформаў, запушчаны польскім урадам у 2021 годзе.

Вынікам гэтай палітыкі стала інфраструктура беларускага бізнесу, якая сёння добра бачная ў польскіх гарадах: ад юрыдычных кампаній, што спецыялізуюцца на рускамоўных кліентах, да кадравых агенцтваў, сетак кавярняў і крам з таварамі, добра вядомымі ў Мінску і Гродне.

Структура беларускага бізнесу ў Польшчы ўжо шырэйшая за ІТ. Сярод кампаній з беларускім капіталам па колькасці прыкметную ролю адыгрываюць:

  • грузавыя перавозкі і лагістыка;
  • распрацоўка праграмнага забеспячэння і ІТ-паслугі;
  • будаўніцтва;
  • аптовы і рознічны гандаль;
  • кансалтынг і прафесійныя паслугі;
  • электронная камерцыя;
  • маркетынг, дызайн і рэклама;
  • рамонт і абслугоўванне;
  • грамадскае харчаванне і бытавыя паслугі.

Сярод беларускіх JDG у 2025 годзе дамінавала катэгорыя прафесійнай, навуковай і тэхнічнай дзейнасці. Значную долю таксама займалі тэлекамунікацыі, праграмаванне, інфармацыйныя і іншыя ІТ-паслугі.

Паводле даных на пачатак 2026 года, найбуйнейшай галіной па колькасці кампаній заставаліся грузавыя перавозкі, хоць іх колькасць за год скарацілася. Зніжэнне таксама адзначалася ў ІТ і будаўніцтве.

Асабліва прыкметная прысутнасць беларусаў у ІТ-сектары. Шматлікія праграмісты, якія раней дыстанцыйна працавалі з Мінска на заходнія кампаніі, проста пераехалі ў Варшаву, Уроцлаў або Кракаў, дзе стварылі ўласныя кампаніі або далучыліся да польскіх тэхналагічных фірмаў.

Хто гэтыя прадпрымальнікі з Беларусі?

Даследаванне Нацыянальнага банка Польшчы, прысвечанае жыццёваму і эканамічнаму становішчу беларускіх імігрантаў, апублікаванае ў 2025 годзе, паказвае, што гэта надзвычай добра адукаваная супольнасць.

Вышэйшую адукацыю маюць 62% рэспандэнтаў, а сярод жанчын гэты паказчык дасягае 67%, што значна перавышае сярэднія значэнні як па Польшчы, так і сярод іншых мігранцкіх груп.

Гэта непасрэдна ўплывае і на якасць створаных кампаній. У большасці выпадкаў гаворка ідзе не пра выпадковыя бізнесы, адкрытыя дзеля выжывання, а пра працяг прафесійнай кар’еры, распачатай яшчэ ў Беларусі, толькі ўжо ў больш стабільных прававых і эканамічных умовах.

Аўтары даследавання Нацыянальнага банка Польшчы падкрэсліваюць, што галоўнай прычынай выезду з Беларусі ў большасці выпадкаў – 56% адказаў – былі палітычныя абставіны, а не толькі жаданне палепшыць матэрыяльнае становішча.

Гэта істотна адрознівае цяперашнюю хвалю міграцыі ад папярэдніх. Многія беларускія прадпрымальнікі ўжо мелі паспяховы бізнес у Беларусі, але былі вымушаныя пераехаць, бо працягваць працу ва ўмовах рэжыму Лукашэнкі стала небяспечна або проста немагчыма.

Выклікі на польскім рынку

Вядзенне бізнесу ў іншай краіне патрабуе не толькі жадання і прафесійных ведаў. Беларускія прадпрымальнікі сутыкаюцца з моўным бар’ерам, адрозненнямі ў падатковай і страхавой сістэмах, неабходнасцю з нуля будаваць дзелавыя сувязі, а таксама з асцярожным стаўленнем банкаў і партнёраў да кампаній, якія яшчэ не маюць крэдытнай гісторыі ў Польшчы.

Дадатковыя цяжкасці ствараюць санкцыі і абмежаванні, уведзеныя пасля расійскай агрэсіі супраць Украіны. Хоць яны накіраваныя супраць рэжыму Лукашэнкі, на практыцы часам ускладняюць працу і незалежнага беларускага бізнесу, напрыклад пры міжнародных фінансавых пераводах або супрацоўніцтве з замежнымі партнёрамі.

Нягледзячы на гэта, эксперты аднадушныя: прыезд добра адукаваных і матываваных беларускіх прадпрымальнікаў стаў істотным укладам у развіццё польскай эканомікі.

Як адзначаюць аналітыкі рынку працы, кожная новая кампанія, якая легальна працуе ў Польшчы, незалежна ад нацыянальнасці яе заснавальніка, узмацняе канкурэнцыю, стварае новыя працоўныя месцы і пашырае падатковую базу.

У той час як Беларусь сутыкаецца з адтокам насельніцтва і скарачэннем рынку працы, Польшча атрымлівае тое, што для яе ўсходняга суседа становіцца стратай.